Work Text:
— Мілорд, сёння Кабаняды.
Тоўсценькая гадзіннікавая стрэлка ўжо прасунулася за шасцёрку, калі сакратар Патрыцыя Анк-Морпорка чарговы раз зайшоў у Даўгаваты кабінет з падносам са свежай гарбатай.
— Так, я ведаю, Драмнот, — Вецінары, не падымаючы вачэй ад папер, злёгку ўзмахнуў рукой, паказваючы сакратару, каб той паставіў паднос на маленькі гарбатны столік непадалёк.
— Калі ў Даўвагатым кабінеце на паставіць ялінку, народ пачне шаптацца, мілорд, — непахісна працягнуў сакратар, бязгучна паставіўшы паднос на столік.
Вецінары ўсё ж узняў вочы і моўчкі, але вельмі выразна паглядзеў на Драмнота. Той ні на каліва не сумеўся:
— Мілорд, вы лепш за мяне ведаеце, што з народам робяць традыцыі. Аднак калі парушыць традыцыю ставіць на Кабаняды ялінку ў Даўгаватым кабінеце — гэта ваш план, то прашу прабачэння.
Вецінары паглядзеў на гадзіннік.
— Дарэчы, твой працоўны дзень скончыўся яшчэ гадзіну таму, Драмнот. Сёння скарочаны дзень. Але што ты прапаноўваеш? Усе ўжо разышліся па дамах, і ўсе найлепшыя ялінкі даўно разабраныя.
— Калі загадаеце, мілорд, адну файную ялінку зараз жа прынясуць сюды, — паправіўшы акуляры на пераноссі, адказаў Драмнот. — Што тычыцца, працоўнага часу, я ўжо казаў, мілорд, што лічу сваім абавязкам дапамагаць вам. Таму калі вы заседжваецеся на працы, я бачу слушным прынамсі забяспечваць вас гарбатай.
— Зараз жа прынясуць? — Вецінары прыўзняў бровы. — Ты загадзя пра гэта дамовіўся, ці не так? Каб не парушыць традыцыю?
Драмнот ледзь заўважна сціснуў вусны.
— Калі вы супраць, мілорд...
— О не, я зусім не супраць, — у ільдзіста-блакітных вачах бліснуў цень усмешкі. — Загадай, каб яе зараз жа прынеслі сюды, Драмнот. І куфар з упрыгожаннямі таксама.
***
Ялінка была больш чым файная: зграбная, пухнатая, ідэальнай вышыні для Даўгаватага кабінета — не пад самую столь, але і не занадта малая, каб губляцца ў прасторы. Вецінары ўласнаруч паказаў, куды паставіць кадушку з пяском, пасля ўважліва прасачыў, каб ялінку трывала замацавалі ў пяску, каб яна не гайдалася, і тады сваім шырока вядомым “Не дазвольце мне вас затрымаць” адаслаў работнікаў дамоў. У Даўгаватым кабінеце, асветленым свечкамі, засталіся Патрыцый, ягоны сакратар і ялінка з куфрам.
Драмнот адкінуў вечка. Чаго там толькі не было!..
— Ты ж не думаеш, што я пакіну цябе сам-насам з упрыгожваннем ялінкі? — няголасна прамовіў Вецінары і выцягнуў з купы цацак драўлянага шкілета, які сядзеў на шкілеце каня. — Не варта забывацца, што чакае пасля, — пракаментаваў ён у адказ на здзіўлены позірк Драмнота.
Той хмыкнуў, выцягнуў з куфра маленькага сабачку і павесіў на галінку так, каб было найлепей відаць ад пісьмовага стала.
У куфры былі і фігуркі розных багоў, і сонца з месяцам, і чарапаха, і нават капуста, не кажучы ўжо пра фігуркі розных істотаў і проста размаляваныя бліскучыя кулькі. Праз палову гадзіны ялінка ўжо была ўпрыгожаная цацкамі, зоркамі з фольгі ды гірляндамі. Патрыцый і ягоны сакратар абодва здаваліся задаволенымі, гледзячы на вынікі сваёй працы.
— Мілорд, — знянацку ціха сказаў Драмнот, — вы ж назнарок чакалі да вечара, каб мы засталіся ўдваіх? Вы не збіраліся парушаць традыцыю.
— Канешне я ведаў, што ты паклапоцішся пра ялінку, — ці то адказаў, ці то не Вецінары. — Ты заўсёды сочыш, каб усё ішло як мае быць.
— То вы не будзеце супраць, калі я запару яшчэ гарбаты... і мы пап’ём яе разам?
— Цудоўная ідэя, Руфус, — Вецінары павярнуўся да яго і на гэты раз усміхнуўся па-сапраўднаму.
9-10.12.2025
